Як дапамагаюць пажылым медыцынскiя сестры мiласэрнасцi

У спiсе спраў медыцынскай сястры мiласэрнасцi Чырвонага Крыжа самыя розныя абавязкi — даставiць лекi i прадукты, прыгатаваць абед, апрацаваць пролежнi i зрабiць укол, прынесцi вады, прыбраць у хаце, падзялiцца апошнiмi навiнамi з падапечным, падбадзёрыць i супакоiць. I няма часу хварэць, i немагчыма штосьцi адкласцi на заўтра. Бо нярэдка сястра мiласэрнасцi — адзiны чалавек, якi клапоцiцца пра адзiнокага чалавека сталага веку. Апошнiя ж, як правiла, людзi цяжка хворыя, нават прыкаваныя да ложка. Для iх медыцынская сястра — самы блiзкi i родны чалавек, а таксама адзiная сувязь са знешнiм светам.


Мiкалай Крысенка. Фота Яна Хведчына.

Мiкалай Крысенка. Фота Яна Хведчына.

Разлiчваць на iх дапамогу заўсёды могуць ветэраны-чыгуначнiкi. Адзiная галiновая арганiзацыя Чырвонага Крыжа ў Беларусi дзейнiчае якраз на Беларускай чыгунцы. Сёлета ёй, дарэчы, споўнiлася 60 гадоў. Яшчэ з 1964 года тут працуе служба сясцёр мiласэрнасцi (цяпер медыка-сацыяльная служба Чырвонага Крыжа «Дапамога»). I калi стваралася яна для догляду ветэранаў Вялiкай Айчыннай, то пасля спiс атрымальнiкаў дапамогi вырас — гэта адзiнокiя i адзiнока пражываючыя пажылыя людзi i iнвалiды, якiя працавалi на чыгунцы i маюць патрэбу ў доглядзе. У 90-я дзейнасць арганiзацыi сур’ёзна пашырылася — у штаце было каля паўсотнi медсясцёр, якiя даглядалi каля 700 былых чыгуначнiкаў. У новым стагоддзi хоць i скарацiлiся маштабы, але сваiх прынцыпаў арганiзацыя не змянiла: усе, хто мае патрэбу, дапамогу абавязкова атрымаюць. З 1992 года i да сёння дарожная арганiзацыя функцыянуе за кошт спонсарскай дапамогi Беларускай чыгункi.

— Дзейнасць нашай арганiзацыi вызначана праграмай «Клопат» па адраснай сацыяльнай падтрымцы непрацуючых пенсiянераў, якая штогод зацвярджаецца начальнiкам Беларускай чыгункi, — кажа старшыня Дарожнай арганiзацыi Чырвонага Крыжа Мiкалай Крысенка. — I папярэднi начальнiк дарогi Анатоль Сiвак (цяпер — вiцэ-прэм’ер. — «Зв».), i цяперашнi Уладзiмiр Марозаў заўсёды выступалi за захаванне медыка-сацыяльнай дапамогi пажылым людзям. Дзякуючы iм наша арганiзацыя захавалася i актыўна працуе.

Сёння дарожная арганiзацыя Чырвонага Крыжа налiчвае 169 пярвiчак у самых розных калектывах Беларускай чыгункi. Сёстры мiласэрнасцi працуюць на ўсiх 17 чыгуначных вузлах — у Асiповiчах, Брэсце, Баранавiчах, Вiцебску, Ваўкавыску, Гомелi, Гродне, Жлобiне, Калiнкавiчах, Крычаве, Лiдзе, Лунiнцы, Мiнску, Магiлёве, Маладзечне, Оршы, Полацку. Гэта 26 медыцынскiх сясцёр, i ў кожнай — па 8-10 падапечных. Усяго яны даглядаюць 235 адзiнокiх старых, прычым больш чым сотня з iх — старэйшыя за 80 гадоў.

— Ёсць сярод iх людзi, якiя не паднiмаюцца з ложка. Медсёстры прыносяць прадукты, гатуюць ежу, дапамагаюць паесцi, выконваюць медыцынскiя манiпуляцыi. Для нашых падапечных гэта абсалютна бясплатна. Вельмi дапамагаюць палiклiнiкi, з участковай службай у нас склалася супрацоўнiцтва, — кажа Мiкалай Крысенка.

Свае карэктывы ў работу дарожнай арганiзацыi ўнесла пандэмiя. Сёстры мiласэрнасцi па-ранейшаму праходзяць навучанне — па прафiлактыцы i апрацоўцы пролежняў, доглядзе падапечных ва ўмовах COVID-19, псiхалагiчнай падтрымцы. Праўда, цяпер такiя курсы наладжаны ў анлайн-рэжыме. Акрамя таго, усе медыцынскiя сёстры мiласэрнасцi i валанцёры яшчэ ў першую хвалю распаўсюджання каранавiруса атрымалi сродкi прафiлактыкi i дэзынфекцыi: маскi, рэспiратары, пальчаткi, антысептыкi, аднаразовыя халаты, бахiлы, бескантактавыя тэрмометры i пульсаксiметры.

— Ад «Аб’яднанай транспартна-лагiстычнай кампанii — Еўразiйскi чыгуначны альянс» мы атрымалi адзiн мiльён расiйскiх рублёў. I своечасова падрыхтавалiся — ужо ў пачатку сакавiка закупiлi ўсе неабходныя сродкi iндывiдуальнай аховы i перадалi медыцынскiм сёстрам. Для iх былi закуплены ровары, сумкi-ўкладкi, халаты, апараты для фiзiяпрацэдур, матэрыялы, неабходныя для штодзённай работы з падапечнымi, — кажа Мiкалай Крысенка.

Дарэчы, сродкамi iндывiдуальнай аховы забяспечылi i старых, дакладна растлумачылi iм правiлы бяспекi, у прыватнасцi, пра небяспеку выхаду з дому. Частку клопатаў медсясцёр вясной раздзялiла моладзь — прадстаўнiкi чыгуначных пярвiчак БРСМ, а таксама валанцёры-ветэраны. Апошнiя ўзялi на сябе псiхалагiчную падтрымку па тэлефоне. I падчас першай хвалi на каранавiрусную iнфекцыю ў дарожнай арганiзацыi не захварэла нiводная медсястра i нi адзiн з падапечных.

Падчас другой хвалi пашчасцiла менш — каранавiрусную iнфекцыю перанеслi шэсць медыцынскiх сясцёр. Праўда, усе яны застрахаваныя i атрымаюць адпаведную грашовую дапамогу.

— Нашы медыцынскiя сёстры — асаблiвыя жанчыны, для якiх мiласэрнасць i клопат — не проста словы i нават не столькi работа, колькi спосаб жыцця, паклiканне, — лiчыць Мiкалай Крысенка. — У 2013 годзе кiраўнiк нашай службы мiласэрнасцi Iзольда Сёмушына была ўдастоена найвышэйшай мiжнароднай узнагароды медыцынскiх сясцёр — медаля iмя Флорэнс Найтынгейл. Таксама яе заслугi ацанiла i кiраўнiцтва Мiнска — яна атрымала званне «Мiнчанiн года — 2013».

Мiкалай Крысенка ўзначальвае Дарожную арганiзацыю Беларускай чыгункi Беларускага Чырвонага Крыжа з 2010 года. Ён i сам медык па адукацыi, пасля заканчэння Вiцебскага медiнстытута быў накiраваны ў Забайкалле, служыў там ваенным урачом. Пасля вярнуўся на радзiму, скончыў клiнiчную ардынатуру па анкалогii, працаваў хiрургам-анколагам у Светлагорску i на Сахалiне. У 1986 годзе незадоўга да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС яго паклiкалi на пасаду намеснiка загадчыка ў Гомельскi абласны аддзел аховы здароўя. I ў першыя днi пасля катастрофы ён ужо працаваў «на месцах» — у Хойнiках, Брагiне, Нароўлi.

— Я з гонарам магу сказаць пра тагачасны ўрад. Нягледзячы на тое што ўсё было сакрэтна i сiтуацыя была найскладанейшая, яны прыслухоўвалiся да вучоных i ўрачоў. Радыяцыйную медыцыну тады мала хто ведаў, мы былi не гатовыя. Многае рабiлi хоць i iнтуiтыўна, але правiльна.

З 1990-га да 1997 года Мiкалай Крысенка працаваў намеснiкам мiнiстра аховы здароўя. На гэтай пасадзе таксама адказваў за Чарнобыльскую праблематыку. Быў адным з iнiцыятараў стварэння РНПЦ радыяцыйнай медыцыны i экалогii чалавека ў Гомелi, будаўнiцтва якога пачалося ў 1992 годзе.

— Мы бачылi, як вырасла колькасць захворванняў на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей. У Гомельскай вобласцi за дзесяць гадоў пасля аварыi сутыкнулiся з 400 выпадкамi, а дагэтуль за 10 гадоў быў усяго адзiн. З таго часу i пачалася масавая УГД-дыягностыка, скрынiнг, i вельмi патрабавалася медыцынская ўстанова, каб сачыць за станам здароўя людзей з пацярпелых тэрыторый, — згадвае Мiкалай Аляксандравiч.

Ёсць чым ганарыцца яму i на цяперашняй рабоце:

— Нам удалося захаваць медыка-сацыяльную службу на Беларускай чыгунцы, развiць яе i ўпарадкаваць. Нашы медыцынскiя сёстры атрымлiваюць дастойную заработную плату, мы праводзiм iх пастаяннае навучанне, яны забяспечаны смартфонамi, каб трымаць сувязь з падапечнымi i галоўнай медыцынскай сястрой. На мой погляд, мы стварылi добры калектыў, якi ўпэўнена i спакойна робiць сваю справу.

Алена КРАВЕЦ, газета Звязда

This Post Has Been Viewed 1 Times

Заполни анкету волонтера