Як працуе служба вышуку Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа

25 гадоў у Беларусі працуе Служба вышуку Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Па ўсім свеце яна шукае звесткі пра людзей, якія былі разлучаныя з прычыны надзвычайных сітуацый. Як гэта ні сумна, галоўнай надзвычайнай сітуацыяй для нас дагэтуль застаецца Другая сусветная вайна.

Спецыяліст аддзела па надзвычайных сітуацыях і вышуку БТЧК Ідаэль Герэро распавёў карэспандэнтам сайта “Будзьма беларусамі!” аб механізме і незвычыйных асаблівасцях працы ў сваім аддзеле.

Штогод нам паступае каля 400 новых зваротаў ад нашых грамадзян і таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца іншых краін. 80% з іх тычацца Другой сусветнай вайны. Людзі просяць знайсці месцы пахавання іх родных, звесткі пра сваякоў, сувязь з якімі была страчаная праз тую вайну.

Спецыяліст аддзела па надзвычайных сітуацыях і вышуку БТЧК Ідаэль Герэро

Аднак бываюць сітуацыі, калі дапамагчы немагчыма. Гэта залежыць ад захаванасці архіўных дадзеных, а таксама ад умоў прыватнасці ў розных краінах.

— Цяжэй за ўсё высветліць інфармацыю па зніклых без вестак, — тлумачыць Ідаэль. — Але нават калі нам удаецца знайсці след чалавека, не заўсёды можна атрымаць патрэбную інфармацыю. Напрыклад, у ЗША і Канадзе жорсткія правілы прадстаўлення персанальных дадзеных.

Пра пахаванні

Таксама Ідаэль Герэро распавёў аб пошуках месцаў захавання. З імі сітуацыя прасцейшая — знайсці іх нескладана, але на гэта можа сысці год, а часам і некалькі гадоў.

– У цэлым адказы па пахаваннях станоўчыя. За 2017 год 250 справаў былі завершаныя са станоўчым вынікам. Праблемы ўзнікаюць з магіламі ў канцлагерах, у месцах палону, дзе не вяліся дакладныя спісы. Многіх вязняў хавалі ў брацкіх магілах, проста скідваючы ў ямы, і тады нам складана высветліць імёны загінулых. Але звычайна ў такіх месцах устаноўленыя мемарыялы, і родныя могуць наведаць іх, — тлумачыць Ідаэль Герэро.

Што можа дапамагчы ў пошуках

Перад тым, як звяртацца ў службу вышуку БТЧК, людзі могуць правесці самастойныя даследаванні.

— Асноўная база дадзеных захоўвацца ў архіве Міністэрства абароны РФ. На сайце obd-memorial.ru вы можаце ўвесці прозвішча сваяка і атрымаць звесткі пра яго ваенны лёс. Ёсць другая база дадзеных «Памяць народа» , дзе можна прасачыць баявы маршрут чалавека, даведацца пра ягоныя ўзнагароды. Запытаць інфармацыю таксама магчыма ў ваенных камісарыятах Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы ініцыятыве Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа створаная інтэрнэт-платформа www.familylinks.icrc.org, якая дае магчымасць аднавіць сямейныя сувязі, страчаныя праз катастрофы або вайну. Гэты сэрвіс больш дапамагае ў пошуку па сучасных канфліктах, але можна запытваць дадзеныя і па Другой сусветнай вайне. Праз гэты сайт можна падаць запыт наўпрост у тую краіну, дзе абарваўся кантакт з чалавекам.

Больш аб цікавых сітуацыях і асаблівасцях аддзела па надзвычайных сітуацыях і вышуку БТЧК і — па спасылцы.

This Post Has Been Viewed 143 Times

Заполни анкету волонтера