Чырвоны крыж спяшаецца дапамагчы

Наша краіна стала сапраўдным прытулкам для тысяч людзей, што ў пошуках мірнага жыцця пакінулі наседжаныя месцы ў Луганскай і Данецкай абласцях Украіны.

На мінулым тыдні раённай структурай Чырвонага Крыжа праведзена кансультацыя для бежанцаў, якія сваім новым месцам жыхарства абралі Валожыншчыну. На сустрэчу былі запрошаны сем’і Іўковых, Зюбанавых, Андрыенка, Ткачовых з Манькаўшчыны, Гародзькаў, Кіяўца. Уцякаючы ад вайны, яны пакінулі назапашаны гадамі хатні скарб, таму не адмаўляюцца ад любой дапамогі. Валанцёры арганізацыі, кіраўніцтва гаспадарак, зацікаўленыя службы, простыя валожынцы адгукнуліся на чужую бяду. Дзякуючы ім, сёння гэтыя людзі маюць усё самае неабходнае.

Нядрэннай матэрыяльнай падтрымкай сталі і так званыя ваўчары, якія выдзяляюцца Беларускім Чырвоным Крыжам.

Галоўныя прававыя аспекты становішча падобных сем’яў у рэспубліцы растлумачыла Ганна Эрнстаўна Быстрова – начальнік юрыдычнага аддзела Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Іна Юр’еўна Іўкова і Іна Мікалаеўна Зюбанава не першы раз сустракаюцца з прадстаўнікамі службы, што займаецца кансультаваннем людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Яны з удзячнасцю адзначылі, што ў Беларусі ім аказваецца сапраўдная падтрымка. Усе сем’і забяспечаны жыллём, дарослыя працаўладкаваны, дзеці наведваюць школы, ёсць магчымасць атрымліваць медыцынскую дапамогу. Раённае прадстаўніцтва Беларускага Чырвонага Крыжа пастаянна выдзяляе аддзенне, абутак, у першую чаргу школьнікам. Інай і Юрыем Зюбанавымі выхоўваюцца дзве дачкі-блізняты, адна з якіх мае інваліднасць. Таму гэта сям’я карыстаецца асаблівай увагай.

Падчас сустрэчы кіраўнік раённай арганізацыі А. У. Трацэўская перадала жанчынам падарункі, што сабраны намаганнямі індывідуальных прадпрымальнікаў райцэнтра. Антаніна Уладзіміраўна заўважыла: “Жыхары раёна – людзі спагадлівыя, таму ахвяраванні, як у выглядзе рэчаў, так і грашовыя, паступаюць пастаянна. Ёсць магчымасць падтрымліваць перасяленцаў, пажылых людзей, інвалідаў, шматдзетныя сем’і”. Дарэчы, у перыяд з 1 кастрычніка па 1 снежня ў рэспубліцы праводзіцца традыцыйная дабрачынная акцыя Беларускага Чырвонага Крыжа “Клопат”. Старт не выпадкова штогод прымяркоўваецца да Дня пажылых людзей – падчас яе аказваецца матэрыяльная падтрымка адзінока пражываючым грамадзянам пажылога ўзросту. Раённай структурай ужо аб’яўлены збор сродкаў. У бліжэйшы час валанцёры накіруюцца на прадпрыемствы раёна.

Навіна ўзятая з Працоўная слава

This Post Has Been Viewed 153 Times

Заполни анкету волонтера