Ты ў надзейных руках, малыш. Няня замест мамы: як у бальніцах дапамагаюць дзецям-сіротам

Нярэдка пацыентамі бальніц становяцца дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Ім патрэбна не толькі лячэнне, але і дапамога дарослых, псіхалагічная падтрымка. А медыкі не заўсёды могуць удзяліць сіротам больш увагі, чым астатнім, — у дактароў і медсясцёр банальна не хапае часу. Дапамагчы вырашыў Беларускі Чырвоны Крыж. Грамадская арганізацыя запусціла важны праект «Няня замест мамы». У яго фінансаванні паўдзельнічала больш за чатыры тысячы беларусаў. Цяпер у дзяцей-сірот, якія апынуліся ў бальніцах, ёсць сапраўдныя няні. 

Кацярына трэці месяц працуе пры Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы.

Абыякавым  тут  не месца

Кацярыне Бейна 24 гады. Трэці месяц дзяўчына працуе пры Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы. Корміць, чытае казкі, малюе, проста размаўляе з дзеткамі. Кожны дзень у розных палатах і аддзяленнях яе чакаюць пяцёра малых. Часам іх менш, але, як правіла,  больш.

Мы ідзём бальнічнымі калідорамі. На тварах — маскі, на плячах — халаты. Паднімаемся ў педыятрычнае аддзяленне нумар пяць. Тут неабходнае лячэнне атрымліваюць нованароджаныя і неданошаныя дзеці. Якраз заканчваецца абход. За шклом урачы абмяркоўваюць стан пацыента, які толькі-толькі з’явіўся на свет. У суседнім памяшканні мамы кормяць немаўлят. Хтосьці ўжо паеў і дрэмле ў матулі на руках. Толькі каля аднаго ложачка нікога няма. Анастасія нарадзілася пару тыдняў таму. Мама ад дзяўчынкі адразу ж адмовілася. Малая крэкча, капрызіць. Каця бярэ яе на рукі.

— Перад вашым прыходам Насцечку пакармілі. Зараз яе трэба патрымаць на руках, пагаварыць, каб яна адчула, што таксама камусьці патрэбная, — шэпча няня, стараючыся не разбудзіць іншых малых.

Праз пару хвiлiн дзяўчынка засынае. Каця трымае яе на руках яшчэ трохi, укладвае ў ложачак, і мы выходзім у калідор. Дзяўчына прызнаецца: калі ёй прапанавалі працаваць з дзецьмі-сіротамі, яна пагадзілася не адразу:

— Доўга думала. Я ведала, што магу дапамагчы дзеткам, але сумнявалася, ці вытрымаю маральна. Усё ж у бальніцы ёсць маленькія пацыенты з вельмі сур’ёзнымі захворваннямі. Што я змагу даць ім? Але вырашыла ўсё ж паспрабаваць. Зараз ад сваёй працы я атрымліваю велізарнае задавальненне. І да таго ж прыношу рэальную карысць.

Каця займаецца з дзецьмі розных узростаў. З кожным праводзіць гадзіну-дзве. Для дзетак, якім так нестае ўвагі дарослых, прыход няні — сапраўдная падзея:

— У дзіцячай баль­ніцы працуе выдатны персанал. Уважлівы, клапатлівы. Але ж дзецям заўсёды трэба крыху больш, чым проста ўкол ці ежа. З імі трэба пагаварыць, пагуляць, пачытаць iм казку. Зразумела, што ў медперсаналу на гэта не хапае часу. Мая задача і заключаецца ў тым, каб палепшыць знаходжанне дзетак у шпіталі, падтрымаць іх у складаны момант.

Малыя  знаёмыя

Калі ў бальніцу паступае дзіця-сірата, Каці адразу паведамляюць аб гэтым. Знаёмства — самы важны і складаны этап. Да кожнага патрэбна знайсці падыход. У Кацярыны багаты вопыт — пасля заканчэння школы яна працавала сямейнай няняй. За сваіх новых маленькіх сяброў дзяўчына вельмі перажывае:

— Нават дома пасля працы ўвесь час думаю пра іх. Шкада гэтых дзетак, яны ж ні ў чым не вінаватыя. Радуюся, калі ў кагосьці з’яўляецца новая сям’я або біялагічныя бацькі бяруцца за розум і ім вяртаюць дзіця. Нядаўна ў апякунскую сям’ю аформілі двухмесячнага хлопчыка, зараз рыхтуюць дакументы на дзяўчынку. Мне б вельмі хацелася ведаць, як складзецца іх далейшае жыццё, але гэта наўрад ці магчыма…

Асабліва Каця хвалюецца за свайго першага бальнічнага сябра — Давыдзіка. Хлопчыку ўсяго шэсць месяцаў, але сацыяльным службам прыйшлося забраць яго з сям’і:

— Ён дзіўны хлопчык! Мілы, усмешлівы. Яму шэсць месяцаў, тым не менш Давыдзік зусім маленечкі — у паўгода насіў памперс-«адзінку». Мы хутка пасябравалі. Ён заўсёды радаваўся майму прыходу, пішчаў, махаў ручкамі! На шчасце, хлопчык пайшоў на папраўку, яго выпісалі і нават, наколькі мне вядома, вярнулі ў сям’ю. Спадзяюся, у яго ўсё складзецца добра.

Дзіцячыя лёсы розныя, але пры гэтым неверагодна падобныя. Каця здымае маску, расказвае пра тых, з кім ёй яшчэ давялося пазнаёміцца ў бальнічных палатах:

— У рэанімацыю паступіў трохгадовы хлопчык, ляжачы з нараджэння. Яго падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Я пачала яму чытаць, а ён стаў плакаць, задыхацца — высветлілася, што хлопчык не можа зразумець, пра што ідзе гаворка ў дзіцячай кнізе. Пачалі з самага элементарнага — я паказвала колеры на цацках, расказала пра тое, што адбываецца на вуліцы. У свае тры гады ён там ніколі не быў!

На з’яўленне незнаёмай дзяў­чыны ў белым халаце дзеткі заўсёды рэагуюць насцярожана. Раскрываюцца, толькі калі разумеюць, што ставіць уколы або даваць лекі яна не збіраецца. З дзецьмі Каця вучыць літары, размалёўвае карцінкі, сачыняе неверагодныя гісторыі. Да заняткаў часта падключаюцца і іншыя малыя, якія ляжаць у бальніцы разам з мамамі.

Каця марыць, што калі-небудзь яе праца перастане быць запатрабаванай, што ў кожнага хлопчыка ці дзяўчынкі будуць бацькі, якія акружаць іх клопатам і любоўю:

— Кожнае дзіця мае патрэбу ў бацькоўскай любові і ласцы. Трошкі ўвагі — і дзеці пачынаюць паводзіць сябе зусім інакш. У іх з’яўляецца ўпэўненасць, адкрытасць, яны адчуваюць, што камусьці патрэбныя і цікавыя. Нават пачынаюць дзяліцца сваімі сакрэтамі. Адзін хлапчук, напрыклад, паклікаў мяне і паказаў свой «скарб»: дзве вафлі і адзін яблык… Пра жыццё па-за бальніцай я дзяцей ніколі не распытваю. Навошта іх лішні раз траўміраваць? Яны ж таксама мне шмат даюць: вучаць не заставацца абыякавай і дапамагаць тым, каму ты можаш хоць чымсьці дапамагчы…

Ніна САВАНЕЎСКАЯ, старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа:

— Для кожнага дзіцяці знаходжанне ў бальніцы — вялікі стрэс. Ім асабліва патрэбны пазітыўныя эмоцыі, падтрымка родных і блізкіх. Дзеці ва ўзрос­це да трох гадоў на стацыя­нарным лячэнні знаходзяцца ра­зам з мамай ці татам. Дзяцей-сірот падтрымаць няма каму. Дапоўніць недахоп увагі і клопату — задача праекта Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа «Няня замест мамы». Усяго ў краіне арганізавана праца 18 нянь. Гэтыя неабыякавыя людзі дапамагаюць маленькім пацыентам, падтрымліваюць іх, акружаюць увагай і клопатам. Што б ні здарылася, дзеці ніколі не павінны заставацца сам-насам са сваімі праблемамі і перажываннямі.

Першакрыніца: РЭСПУБЛIКА

This Post Has Been Viewed 103 Times

Заполни анкету волонтера